Касцёл Перамянення Гасподня (Вялікая Бераставіца)

      У цэнтры пасёлка. Касцёл закладзены 23.06.1909г. паводле праекта


гродзенскага губернскага інжынера Плотнікава. Узведзены ў 1912 г. з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтка графа Іосіфа Касакоўскага. Закрыты 17.06.1965г., вернуты католікам у 1989г., у 1990г. адрэстаўрыраваны (архітэктарам А.Бабіцын, С.Шыйко).
      Помнік архітэктуры неаготыкі. Вырашаны прамавугольнай 3-нефавай базілікай з 5-граннай апсідай. Галоўны фасад атрымаў дынамічную, вертыкальна накіраваную кампазіцыю, завершаную 3-ох-яруснай шатровай вежай-званіцай, якая на 2-ім ярусе дэкарыравана накладным 2-ярусным гатычным шчытом. Вертыкальнасць узмацняюць ступеньчатыя контрфорсы і стральчатыя праёмы.  Уваход вырашаны  магутным арачным парталам, запоўненым дзвярамі з мастацкай акоўкай. Каларыстычнае вырашэнне будынка дасягаецца спалучэннем фактурнай «аксамітавай» муроўкі сцен і атынкаваных элементаў архітэктурнага дэкору: лапатак, карнізаў, ліштваў, нішаў.
     Гатычнай узнёсласцю вылучаецца інтэр'ер храма, нефы якога перакрыты стральчатымі скляпеннямі з гуртамі. Драўляны амбон таксама вырашаны ў вытанчаных формах готыкі. Над нартэксам  кансольны балкон арганных хорыў, адкрытых у неф стральчатай аркай.


 Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі/ А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. - Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. - 488 с.: іл.