Касцёл святога Антонія Падуанскага (аграгарадок Малая Бераставіца)

      У цэнтры вёскі, каля шашы Гродна-Вялікая Бераставіца. Пабудаваны ў 1851-63гг. з цэглы
паводле хадайніцтва і фундацыі ўладальніка маёнтка памешчыка Антона Ваўкавыцкага (маршалак Сакольскага павета), які ў прашэнні ад 29.10.1850г. "просит построить вместо пришедшего в ветхость деревянного, новый каменный приходской римско-католический костёл". Праект мураванага касцёла са званіцай склаў гродзенскі землямер Малевіч у 1851г. У 1864г. зачынены. З яго званіцы зняты старажытны 6-пудовы звон і перанесены ў суседнюю праваслаўную царкву. Надпіс на звоне сведчыць, што ён быў ахвяраваны мясцовай Дзмітрыеўскай царкве: "Благоверная раба Божия Иванова Саковая к церкви св.Димитрия Мало-Берестовицкой. Афон лето 1579г.". У 1919г. зноў перададзены католікам, адрэстаўрыраваны, асвячоны 14.05.1928г. архібіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. Скасаваны пасля Вялікай Айчыннай вайны. Перададзены вернікам і адноўлены ў 1993г. Першапачатковы выгляд вядомы па акварэлі Н.Орды 1868г.
      Помнік архітэктуры позняга класіцызму з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашаны працяглым прамавугольным аб'ёмам пад 2-схільным дахам. Над галоўным фасадам на атыку ўзвышаецца каркасная 4-гранная званіца з купальным пакрыццём. Плоскасныя галоўны і бакавыя белакаменныя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, апяразаны буйнапрафіляваным антаблементам. Будынак пастаўлены на гранітны цокаль.

    Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі/ А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. - Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. - 488 с.: іл.