Касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Вялікая Бераставіца)

  Помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны паводле канона 3-нефавай базілікі з трансептам, паўкруглай апсідай і 2 нізкімі сакрысціямі па баках. Плоскасны галоўны фасад расчлянёны пілястрамі на 3 часткі і завершаны прамавугольным атыкам з трохвугольным франтонам. Шматпланавую кампазіцыю атрымалі бакавыя фасады: нізкія бакавыя нефы і сакрысці кантрастуюць з 2-ярусным цэнтральным нефам і крыламі трансепта пад вальмавым дахам. Пілястравая крапоўка прасценкаў лучковых аконных праёмаў выкарыстана і на астатніх фасадах храма, апяразаных раскрапаваным антаблементам.
    На цэнтральнай плошчы. У 1615г. уладальнік мястэчка Геранім Хадкевіч заснаваў тут місію кармелітаў, якія валодалі драўляным касцёлам. Пасля гібелі храма ў выніку пажару 1741г. па фундацыі кракаўскага кашталяна Юрыя Мнішка быў узведзены існуючы цяпер касцёл. З 1794г. пры касцёле існаваў шпіталь і школа, фундаваныя Ю.Патоцкай. Закрыты паводле загада віленскага генерал-губернатара М.Мураўёва з перадачай маёмасці ў іншыя касцёлы (ксёндз І.Казлоўскі адзін з першых вясной 1862 уступіў у Гродзенскую рэвалюцыйную арганізацыю і прыняў актыўны ўдзел у яе стварэнні, прыводзіў да прысягі ўдзельнікаў будучага паўстання). З 1866г. - праваслаўная царква, у 1920-39гг. - зноў касцёл.
    

 Унутраная прастора расчлянёна 4 масіўнымі слупамі на 3 нефы. Цэнтральны неф павышаны, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках і конхай у альтарнай частцы. Бакавыя нефы адкрываюцца ў цэнтральны арачнымі прасветамі і перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных  арках. Сцены крапаваны плоскімі пілястрамі, апяразаны тонкапрафіляванымі карнізам і паяском.Над нартэксам размешчана арганная галерэя, да якой вядуць 2 вітыя лесвіцы ў тоўшчы сцяны. Пад будынкам крыпта - 9 скляпоў, злучаных пераходамі.Алтарныя абразы работы мастака Ф.Смуглевіча мяжы 18-19ст.

  
  Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі/ А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. - Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. - 488 с.: іл.