Касцёл Узвіжання Святога Крыжа (аграгарадок Макараўцы)

    У цэнтры вёскі, на могілках, побач з былой сядзібай пана Хрусціцкага. Пабудаваны ў 1793-95гг. з дрэва як храм-кальварыя. Побач  пастаўлена мураваная званіца. 
Архітэктура помніка вырашана ў традыцыях народнага дойлідства. Два рознавялікія ашаляваныя зрубы (асноўны аб'ём і апсіда) накрыты агульным дахам з 3-вугольнымі застрэшкамі над стыкамі аб'ёмаў. Маленькія сакрысціі з самастойным пакрыццём. Фасады дэкарыраваны падкарнізнай і падваконнай разной аркатурай, фігурнай рамай і крыжам на фоне шалёўкі «ў елку». Бакавыя фасады  расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі ў прасценках. 
   У інтэр'еры бэлькі з укосінамі пад плоскай столлю візуальна чляняць прастору храма на апсіду, галоўны і бакавыя нефы, нартэкс, галерэю хораў над ім. Пластыка-дэкаратыўным акцэнтам інтэр'ера з'яўляюцца 3 драўляныя алтары, выкананыя ў стылі барока. У глыбіні апсіды на высокім подыуме пастаўлена барочная карынфская каланада, якая разам з вязкамі пілястраў нясе крапаваны антаблемент з пуцці. Па баках алтара стукавыя паліхромныя скульптуры святых Пятра і Паўла. Вынесеныя ў залу бакавыя меншыя алтары падобнай мастацка-стылёвай трактоўкі. За ажурнай балюстрадай хораў арган. 

     Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі/ А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. - Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. - 488 с.: іл.