Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (аграгарадок Вялікія Эйсманты)


     У цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1849-50 гг. з бутавага каменю  пад кіраўніцтвам ксяндза Міхаіла Сезянеўскага. У 1912 г. адрэстаўрыраваны.          Паводле старажытных хронік першапачатковы касцёл пабудаваны ў 1659 г. на сродкі Ганнай Эйсмантавай і яе сына Якавам, згарэў у 1722 г. Існуючы храм пасля паўстання 1863-64гг. быў закрыты. У 1903-10 гг. рабіліся спробы узвесці новы будынак, у выкладзеных з бутавага каменю сценах з'явіліся трэшчыны, якія пастаянна павялічваліся. Было складзена некалькі праектаў касцёла, але парафіяне на ўласныя сродкі перабудавалі яго сціплым.
      Архітэктурная стылістыка прамавугольнага ў плане храма з кубапа-добнай апсідай і сакрысціямі вызначаецца эклектычным спалучэннем класіцыстычных і гатычных рэмінісцэнцый - 4-калонны дарычны порцік галоўнага фаса­да суседнічае з гатычнымі стральчатымі аконнымі праёмамі бакавых плоскасных фасадаў. Па баках уваходнага партала арачныя нішы. Магутны 3-вугольны франтон 2-схільнага даху запоўнены прамянямі кампазіцыі «Усёбачнае вока».
     Унутраная прастора 4-ма парамі драўляных слупоў падзелена на 3 нефы: цэнтральны перакрыты цыліндрычным скляпеннем з размалёўкай, бакавыя - плоскай столлю. Галоўны драўляны алтар з абразом «Маці Божая Эйсмантаўская» (1-я палавіна 18 ст. прыўнесены ў 1740) вырашаны ў стылі рэтраспектыўнай готыкі, бакавыя - з элементамі класіцызму і барока. Над уваходам на шырыню залы на 2 слупах узняты аркатурныя хоры з арганам. Абразы мяжы 18-19 ст. «Маці Божая Вастрабрамская», «Маці Божая Ляжайская», «Маці Божая Чанстахоўская» (пачатак 19 ст.), абраз у металічнай шаце 18 ст. «Ян Непамук». Шэраг абразоў напісаў беларускі мастак Каспар Бароўскі (1785-1854).

     Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі/ А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. - Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. - 488 с.: іл.