МУЗЕЙ ВАВЁРКІ Ў ВЯЛІКАЙ БЕРАСТАВІЦЫ

   У 1754 годзе кароль Аўгуст III надаў Вялікай Бераставіцы Магдэбургскае права і герб. Выгляд герба вядомы па захаваўшыхся адбітках пячаткі: на авальным шчыце сядзіць вавёрка на зямлі, якая падаецца у форме спіралі, над шчытом – шляхецкая карона.
   Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2006 года быў зацверджаны герб гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца і Бераставіцкага раёна. У аснову герба быў пакладзены гістарычны герб мястэчка “Чырвоная вавёрка пад залатой каронай”. Менавіта герб стаў адпраўным пунктам праекта раённага музея.
     Музей створаны 1 жніўня 2012 года рашэннем Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта ад 30 ліпеня 2012 года. З гэтага часу актыўна праводзілася праца па стварэнні экспазіцыі музея і пошуку прадметаў музейнага значэнння. Урачыстае адкрыццё выставачных залаў музея для наведвальнікаў адбылося 7 кастрычніка 2014 года. Профіль музея комплексны, прадстаўляе прыродазнаўчую і гістарычную тэматыкі, раскрыць якія дапамагаюць класічныя і сучасныя наватарскія формы музейнай дзейнасці. Агульная плошча будынка музея складае 268,78 м2, з якой 84,4 м2 – экспазіцыйныя памяшканні, 19,0 м2 – памяшканні пад захаванне фондаў. Зямельны ўчастак займае плошчу 0,115 га. Тэматычнае афармленне музея пачынаецца з вестыбюля і працягваецца ў чатырох залах пастаяннай экспазіцыі.

    Першыя дзве залы адведзеныя прыродазнаўчай тэматыцы і прысвечаныя вавёрцы. Так у першай зале размешчаныя клетка-вальер з жывым звярком, інтэрактыўная карта «Тут жывуць вавёркі», якая знаёміць з арэалам іх пражывання, і чучалы экзатычных прадстаўнікоў сямейства вавёркавых. Асобна прадстаўлена тэма «Вавёркі Беларусі». У вітрынах размешчаны чучалы, фотаздымкі вавёркі, ляцягі і сусліка, якія вядуцца ў Беларусі, чучалы прыродных ворагаў вавёркі.
   Акцэнт у другой зале зроблены на дыяраме лесу, якая адпавядае натуральным умовам пражывання вавёркі. Завяршае залу падтэма «Геральдыка», дзе прадстаўлены гербы гарадоў, на якіх адлюстравана вавёрка.

     Трэцяя зала раскрывае гістарычную тэматыку і знаёміць з матэрыяламі раскопак на Бераставіччыне, уладальнікамі мястэчка, знакамітымі землякамі і ўраджэнцамі, святкаваннем 500-годдзя Вялікай Бераставіцы. У экспазіцыйных вітрынах размешчаны копіі архіўных дакументаў і пячатка вялікабераставіцкага магістрата, макет палаца Касакоўскіх, манікены ваяроў, а таксама шмат іншых прывабных для наведвальнікаў рознага ўзросту экспанатаў.

   У асобнай вітрыне трэцяй залы прадстаўлены рэчы, перададзеныя пасольствамі Кітая і Манголіі і якія маюць дачыненне да навуковай дзейнасці славутага ўраджэнца Бераставіччыны Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага – філолага, заснавальніка манголазнаўства. Завяршаюць трэцюю залу прадметы мастацтва, дэкаратыўныя фігуркі, цацкі, кнігі, калекцыі філатэліі і паштовак з вобразам вавёрак. Заканчваецца экспазіцыя чацвёртай залай, якая прысвечана гісторыі Бераставіччыны ХХ стагоддзя: ад Першай сусветнай вайны праз фотааб’ектыў Рамана Салаўя, міжваенны перыяд праз бераставіцкі кірмаш да Другой сусветнай вайны праз рэшткі вайсковага рыштунку і лёсы жыхароў Бераставіччыны.