Архіў краязнаучых календароў






     Бягучы каляндар на 2015 год створаны на аснове кнігі “Памяць” Бераставіцкага раёна, “Летапіснай хронікі Бераставіччыны”, тэматычнай папкі “Знакамітыя людзі Бераставіччыны”, фактаграфічнай картатэкі “Славутыя імёны Бераставіччыны”. Папка і картатэка змяшчаюць звесткі энцыклапедычных выданняў: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т..-Мн.: БелЭн., 1996-2003.- Т. 1-16; Беларусь: Энцыкл. давед.-Мн.: БелЭн., 1995; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Мн.: БелЭн., 1993-2001.- Т. 1-6; Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Х-ХІХ стст.: Энцыкл. давед.- Мн.:Бел.Эн., 1995; Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.- Мн.: БелСЭ, 1984-1987; Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн.: У 6 т.- Мн.: БелЭн., 1992-1995; Пяткевіч А. Людзі культуры з Гродзеншчыны: Давед.- Гродна, 2000, а таксама матэрыялаў з электронных рэсурсаў.


       Адбор юбілейных дат рабіўся ў адпаведнасці са значнасцю для гісторыі, эканомікі і культуры краю. Для персаналій юбілейнымі вырашана лічыць: 60, 65, 70 ... і далей гадоў. Указваюцца сувязі дзеячоў з Бераставіччынай. Даты даюцца па новаму стылю, геаграфічныя аб’екты – згодна сучаснаму адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню.
        Спадзяёмся, што наш каляндар будзе карысным і цікавым для шырокага кола чытачоў, краязнаўцаў,  бібліятэкараў і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

540 гадоў з дня нараджэння Хадкевіча Аляксандра Іванавіча (1475-1549), дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, ваяводы Навагародскага, маршалка гаспадарскага,  мецэната, першага ўладальніка Бераставіцы ў 1506 – 1549 гг.



 515 гадоў з дня нараджэння Хадкевіча Рыгора Аляксандравіча (каля 1500 – 12.11.1572), гетмана Вялікага княства Літоўскага, удзельніка Інфлянцкай вайны з Масковіяй (1564-1583), другога сына ваяводы Навагародскага А.І.Хадкевіча, уладальніка Бераставіцы ў 1550 – 1569 гг.

465 гадоў з часу стварэння акта падзелу радавых уладанняў А.І. Хадкевіча (1550 г.), ваяводы навагародскага, уладальніка Бераставіцы ў 1506 – 1549 гг., паміж яго сынамі Рыгорам, Геранімам і Юрыем. Бераставіца перайшла ва ўласнасць Юрыя і Рыгора . А з 1570 г. яе уладальнікамі сталі дзеці Юрыя Хадкевіча (к. 1509-1569), ад якога бярэ пачатак бераставіцкая лінія Хадкевічаў.


425 гадоў з дня нараджэння Хадкевіча Крыштофа (каля 1590-1652), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, кашталяна трокскага (1633—1636 гг.), віленскага (1636—1642 гг.), ваяводы віленскага з 1642 г., старасты гродзенскага, бабруйскага, крэўскага, уладальніка Вялікай Бераставіцы ў 1617 -1652 гг. Пры Крыштофе ў мястэчку з’яўляецца драўляны палац Хадкевічаў.


420 гадоў з дня смерці Хадкевіча Ежы Юр’евіча (? – 26.10.1595, Бераставіца), дзяржаўнага  дзеяча Вялікага княства Літоўскага, маршалка Трыбунала Літоўскага, старасты жмудскага, уладальніка Бераставіцы да 1595 г., пахаванага ў склепе касцёла Звеставання Панны Марыі.

400 гадоў з часу асвячэння (1615) касцёла Звеставання Панны Марыі ў Вялікай Бераставіцы, помніка архітэктуры позняга барока, фундатарам якога быў Геранім Хадкевіч (1565 – 1617), кашталян віленскі і стараста брэст-літоўскі, уладальнік Вялікай Бераставіцы ў 1595-1617 гг. Касцёл у 1615 г. быў пабудаваны з дрэва і асвячоны віленскім біскупам Бенедыктам Войнам (?-1615).

385 гадоў з дня нараджэння Мнішка Ежы Яна Вандаліна  (каля 1630-1693), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, кашталяна санацкага (з 1678 г.), ваяводы валынскага (1684-1692), уладальніка Вялікай Бераставіцы ў 1661-1693 гг., фундатара будаўніцтва драўлянага касцёла ў Рудаве – месце культу абраза Божай Маці Рудавай.

345 гадоў з дня нараджэння Мнішка Юзафа Вандаліна  (1670-1747), дзяржаўнага дзеяча і буйнейшага магната Рэчы Паспалітай,  маршалка вялікага кароннага, кашталяна кракаўскага, мецэната, уладальніка Вялікай Бераставіцы ў 1700-1747 гг.,  які ахвяраваў грошы на будаўніцтва ў Бераставіцы новага мураванага касцёла замест згарэлага ў 1741 г.  драўлянага

305 гадоў з дня нараджэння Клема Яна Генрыха (каля 1710-1777), нямецкага архітэктара эпохі барока, які працаваў у Рэчы Паспалітай, аўтара праекта ратушы з гандлёвымі радамі ў Вялікай Бераставіцы ў 1754-1755 гг.


300 гадоў з дня нараджэння Мнішка Ежы Аўгуста Вандаліна  (1715-1778), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, маршалка надворнага кароннага і кашталяна кракаўскага, уладальніка Вялікай Бераставіцы ў 1747-1774 гг. і ініцыятара надання Вялікай Бераставіцы Магдэбургскага права ў 1754 г


290 гадоў з часу надання Бераставіцы статуса мястэчка  (горада) (1725 г.) каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам ІІ Моцным (1670-1733).




265 гадоў назад (1750 г.) граф Тадэуш Дунін-Юндзіл (каля 1720 – 1771) пачаў будаўніцтва палаца ў Мураванай Бераставіцы. Будаўніцтва завяршыў яго сын Францішак Дунін-Юндзіл, падкаморы гродзенскі, маршалак шляхты Гродзенскага павета.

235 гадоў з дня нараджэння Анацэвіча Ігната Сымонавіча (1780, в. Малая Бераставіца – 18.02.1845), прафесара Віленкага універсітэта, вядомага гісторыка, археолага, архівіста.

230 гадоў з дня нараджэння Бароўскага Каспара  (1785, Гродзеншчына-1854, Беласток), беларускага мастака і графіка, настаўніка малявання ў гімназіях Мінска і Беластока. У 1835 г. выканаў рэлігійныя карціны для касцёла Св. Яна Непамука і Панны Марыі ў Вялікіх Эйсмантах.
230 гадоў з дня нараджэння Ельскага Людвіка (1785, в. Масаляны – 08.08.1843), дзяржаўнага дзеяча Каралеўства Польскага, прэзідэнта Польскага банка (1828),  намесніка міністра скарбу ў час паўстання 1830-1831 гг.
220 гадоў з дня нараджэння Касакоўскага Станіслава (1795-1872), польскага дыпламата на расийскай службе, сенатара, тайнага радцы, літаратара, егіптолага-аматара, калекцыянера і мастака, уладальніка Вялікай Бераставіцы ў 1840 – 1872 гг., фундатара будаўніцтва царквы Святога Мікалая ў Вялікай Бераставіцы (1868). 

220 гадоў з часу асвячэння (1795 г.) Крыжаўзвіжанскага касцёла ў вёсцы Макараўцы, які быў пабудаваны з дрэва на сродкі Людвіка і Канстанцыі Панцежынскіх, уладальнікаў сядзібы Уснар Драўляны. Крыжаўзвіжанскі касцёл – помнік архітэктуры ранняга класіцызму.
              

215 гадоў з дня нараджэння Кавалеўскага Восіпа Міхайлавіча (28.12.1800), Вялікая Бераставіца – 1878, Варшава), вядомага польскага і расійскага гісторыка, філолага-усходазнаўца, заснавальніка навуковага манголазнаўства, перакладчыка, прафесара Пецярбургскай Акадэміі Навук. 

215 гадоў назад (1800 г.) Ю.Д. Касакоўскі (1771 – 1840), вялікі лоўчы ВКЛ, ўладальнік мястэчка ў 1793 -1840 гг., пачаў будаўніцтва радавой рэзідэнцыі – першага мураванага палаца ў Вялікай Бераставіцы. Аднапавярховы палац у класічным стылі быў завершаны ў 1810-х гг. (не захаваўся)

215 гадоў назад (каля 1800 г.) была пабудавана капліца на каталіцкіх могілках у Вялікай Бераставіцы, помнік драўлянай архітэктуры, выкананы ў стылі ўсходняга шатровага дойлідства. Помнік існаваў да 1978 г. Не захаваўся.  

165 гадоў з часу асвячэння (1850 г.) касцёла ў імя Марыі і Св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах. Пасля чарговага пажару касцёл быў адноўлены ў камені ксяндзом Міхалам Сезянеўскім ў 1843 – 1850 гг. і з’яўляецца помнікам архітэктуры неакласічнага стылю.



165 гадоў з пачатку будаўніцтва (1850 г.) касцёла Св. Антонія ў Малой Бераставіцы па праекту гродзенскага інжынера Нардштэйна (1851), які выправіў першапачатковы план будаўніцтва касцёла гродзенскага каморніка Малевіча (1850). Фундатарам будаўніцтва стаў Антон Ваўкавіцкі, прадвадзіцель Сакольскага дваранства, уладальнік маёнтка ў Малой Бераставіцы.

                                                   
155 гадоў назад (1860 г.) завершана будаўніцтва неагатычнай капліцы ў Масалянах. Фундатаркай будаўніцтва стала Ганна Наталля Біспінг-Кіцкая (1801 – 1888), польская пісьменніца і ўладальніца маёнтка ў Масалянах.


155 гадоў назад (1860 г.) пачата будаўніцтва  мураванай царквы Святога Мікалая Цудатворцы ў Вялікай Бераставіцы па праекту архітэктара Я. Фардона (1854 г.). Будаўніцтва фундаваў граф Станіслаў Шчэнсны Касакоўскі (1795-1872), уладальнік Бераставіцы. Царква асвечана ў кастрычніку 1868 г. і з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўнага рускага стылю.




145 гадоў назад (пач. 1870-х гг.) у краі паявіліся першыя фельчары, якія аказвалі медыцынскую дапамогу насельніцтву і былі ў яго на службе па вольным найме: паміж сялянамі воласці або некалькіх вёсак і медыцынскімі фельчарамі заключаўся дагавор, у якім прадугледжваліся ўмовы і памеры аплаты фельчара грашыма і натурай, а таксама яго абавязкі перад насельніцтвам.


120 гадоў з дня нараджэння Кавалені Аляксандра Дзмітрыевіча (1895, в. Кашанцы – 27.08.1937), беларускага археолага, навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі АН Беларусі (1932-37). Даследаваў стаянкі палеаліту (Бердыж, Юравічы), гарадзішчы ў Тураве, працаваў над археалагічнай картай Беларусі.   На падставе неабгрунтаваных абвінавачванняў рэпрэсіраваны і расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1958 г.            
                             
115 гадоў  з часу стварэння (1900 г.) праекта палаца Касакоўскіх “Новы замак” у стылі эпохі Рэнесанс польскім архітэктарам Юліушам Васюцінскім. “Новы замак” - помнік архітэктуры канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, не захаваўся (разабраны ў канцы 40-х гг. ХХ ст.)

110 гадоў назад памёр Касакоўскі Станіслаў Казімір (1837-1905), дзяржаўны і грамадскі дзеяч Каралеўства Польскага, вядомы гісторык і генеалог, піянер фатаграфіі ў Польшчы, уладальнік маёнтка ў Вялікай Бераставіцы з 1872 па 1905 гг.

105 гадоў з дня нараджэння Адляніцкага-Пачобута Міхаіла Ігнацьевіча (31.03.1910, в. Пачобуты - 2004), вядомага вучонага, доктара геадэзіі, прафесара, правадзейнага члена Польскай Акадэміі Навук, ганаровага старшыні Камітэта геадэзіі ПАН.



100 гадоў назад (верасень 1915г.) Бераставіччына была акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі падчас Першай Сусветнай вайны. Акупацыя прадаўжалася да 1919 г.


95 гадоў з дня нараджэння Варанецкага Андрэя Максімавіча (19.02.1920, в. Дубраўка Пухавіцкага раёна Мінскай вобл. – 14.01.1972), Героя Сацыялістычнай Працы (1966 г.), старшыні праўлення калгаса “Гвардыя” ў 1953-1972 гг. (з 1972 – калгаса імя Варанецкага).




85 гадоў з дня нараджэння Бароўскага Міхаіла Іванавіча (1930, в. Плюскалаўцы - 2001), доктара філасофскіх навук (1985), прафесара Беларускага інстытута фізічнай культуры (1989).




80 гадоў з дня нараджэння Леткі Івана Антонавіча (14.06.1935, маёнт. Масаляны – 23.08.1999), беларускага паэта, члена Саюза пісьменнікаў Расіі (1978 г.).
80 гадоў з дня нараджэння Машко Івана Рыгоравіча (н. У 1935 г., в. Сыраежкі), дэпутата Вярхоўнага Савета БССР 9, 12, 13-га скліканняў, дэлегата ХХVІ – ХХVІІІ з’ездаў КПСС і ХІХ Усесаюзнай партканферэнцыі, у 1990-1996 гг. – намесніка старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

75 гадоў з дня нараджэння Заламая Уладзіміра Аляксандравіча (н.07.01.1940, в. Канчаны), дзяржаўнага дзеяча Беларусі, 1990-1994 гг. – намесніка Старшыні Савета Міністраў БССР, дзяржаўнага сакратара па справах СНГ, з 1994 г. –старшыні Брэсцкага аблвыканкама, народнага дэпутата СССР (1983-1992), з 1996г. – члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, з 2000г. - кіраўніка аддзялення пасольства Рэспублікі Беларусь у Расіі ў Калінінградзе, з 2008 г. – генеральнага дырэктара ААА “Балтыйская гандлёвая кампанія”.

75 гадоў з дня нараджэння Мароза Аркадзія Іосіфавіча (н. у 1940 г., в. Траццякі), навукоўца, кандыдата эканамічных навук (1978 г.), дацэнта (1973 г.), члена-карэспандэнта Беларускай інжынернай акадэміі (1996 г.). 




65 гадоў з дня нараджэння Кругліка Уладзімірва Міхайлавіча (1950 , в. Пархімаўцы – 03.04 2014), савецкага і расійскага ваеначальніка, з 1983 г. – памочніка начальніка Палітупраўлення пагранічных войскаў КДБ СССР па камсамольскай рабоце, з 1992 – начальніка Упраўлення выхаваўчай работы Федэральнай пагранічнай службы Расіі, намесніка дырэктара Федэральнай пагранічнай службы Расіі (1998 – 2003), генерала-палкоўніка (1999) ў адстаўцы.


75 гадоў назад (красавік 1940 г.) была створана Бераставіцкая МТС (дырэктар Цітовіч), дзейнасць якой спыніла Вялікая Айчынная вайна. Адноўлена ў 1945 г.

75 гадоў назад (1940 г.) у раёне пачала фарміравацца сістэма паштовай сувязі, якая аб’ядноўвала 6 паштовых аддзяленняў і якую ўзначаліў Карольчык.

75 гадоў назад (люты – сакавік 1940 г.) у вёсках Гольні, Масаляны, Ярмолічы, Кудрычы і іншых створаны першыя на Бераставіччыне калгасы.


75 гадоў назад (студзень – красавік 1940 г.) створана гандлёвая арганізацыя (райсаюз) на чале з Жызнеўскім. Пасля вайны пачала працаваць з 18 жніўня 1944 г.
75 гадоў назад (1940 – 1941) у Вялікай Бераставіцы пачаў дзейнічаць масласырзавод, які ў Вялікую Айчынную вайну быў разбураны фашыстамі, адноўлены ў 1945 г.

75 гадоў назад (красавік 1940 г.) была створана Бераставіцкая МТС (дырэктар Цітовіч), дзейнасць якой спыніла Вялікая Айчынная вайна. Адноўлена ў 1945 г.

75 гадоў назад (1940 г.) у раёне пачала фарміравацца сістэма паштовай сувязі, якая аб’ядноўвала 6 паштовых аддзяленняў і якую ўзначаліў Карольчык.

75 гадоў назад (люты – сакавік 1940 г.) у вёсках Гольні, Масаляны, Ярмолічы, Кудрычы і іншых створаны першыя на Бераставіччыне калгасы.


75 гадоў назад (студзень – красавік 1940 г.) створана гандлёвая арганізацыя (райсаюз) на чале з Жызнеўскім. Пасля вайны пачала працаваць з 18 жніўня 1944 г.
70 гадоў назад (1945 г.) для аховы лясоў на тэрыторыі раёна створана лясніцтва. Першы ляснічы – М. Г. Кананчук.
70 гадоў назад (студзень – ліпень 1945 г.) у раёне арганізаваны калгасы “Перамога” (в. Стары Дворац) і “Кастрычніцкая рэвалюцыя” (в. Людвінова), а таксама адноўлены калгас “1-е Мая” (в. Вайцехаўшчына).
70 гадоў назад (1945 г.) створана раённае нарыхтоўчае кааператыўна-прамысловае прадпрыемства па закупу прадуктаў, бульбы і агародніны ў насельніцтва. Першы дырэктар – В.А. Палуян.
70 гадоў назад (восень 1945 г.) пачала дзейнічаць санэпідэмслужба раёна, якую ўзначаліла К.А. Мацапура


65  гадоў  з  дня нараджэння  Коханава Анатолія Паўлавіча (н. 23.02.1950 г., в. Замакроўе Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.), заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, з 1979 па 2012 гг. старшыні СВК “Малабераставіцкі элітгас”, з 2012 г. – дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальга Сходу Рэспублікі Беларусь па Мастоўскай выбарчай акрузе №56. Узнагароджаны орэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Пашаны.










              Складальнік                                                             В.І.  Чыкун                                                         

             Рэдактар                                                                   С.В. Станкевіч
                  
             Адказны за выпуск                                                 Т.Д. Марцішэвіч
          
             Падпісана да друку                                                 15.11.2014 года
                         

             Тыраж 20 экз.