Людзі навукі з Бераставіччыны

Адляніцкі-Пачобут Міхаіл Ігнацьевіч (31.03.1910, в. Пачобуты – 03.10.2004, Кракаў), навуковец, доктар геадэзіі, прафесар (1960), правадзейны член Польскай акадэміі навук. Скончыў Віленскую класічную гімназію езуітаў, потым Гродзенскую дзяржаўную гуманітарную гімназію імя А. Міцкевіча, а ў 1939 г. аддзяленне геадэзіі Варшаўскага політэхнічнага інстытута. Выконваў геадэзічныя работы ў Беластоцкім ваяводстве, у горных раёнах, у Кракаве і яго ўскраінах. Пасля вызвалення Польшчы ад нямецкіх захопнікаў займаўся геадэзічнай здымкай і адначасова выкладаў у вышэйшых навучальных установах. У 1945 г. быў у складзе арганізатараў, потым намеснікам дырэктара і дырэктарам Рэгіянальнай дырэкцыі  прасторавага планавання ў Кракаве. У 1949-1950 гг. – намеснік старшыні па прастораваму планаванню Ваяводскай камісіі гаспадарчага планавання ў Кракаве. Адначасова з 1945 г. выкладаў у Кракаўскай горна-металургічнай акадэміі, быў кіраўніком кафедры сельскагаспадырчых абсталяванняў (1945-1951), кафедры геадэзіі (1951-1969). У 1951 г. прысвоена званне прафесара экстраардынарнага, у 1960 – прафесара ардынарнага. У 1954 і 1960-1964 гг – дэкан аддзялення горнай геадэзіі, 1954-1956 – прарэктар Горна-Металургічнай акадэміі ў Кракаве. У 1969-1979 гг. – дырэктар Інстытута геадэзіі, апрача таго арганізатар і кіраўнік Установы геадэзійна-картаграфічнай інфарматыкі (1974-1980).  У 1983 г. абраны членам-карэспандэнтам, у 1989 г. — правадзейным членам Польскай акадэміі навук. Міхаіл Адляніцкі-Пачобут — ініцыятар стварэння Камітэта геадэзіі Польскай акадэміі навук, многія гады ўзначальваў яго. У 1991 г. абраны ганаровым членам Міжнароднай асацыяцыі геадэзіі. Ганаровы член Венгерскага таварыства геадэзіі і картаграфіі, польскіх таварыстваў геадэзіі, урбаністаў, узначальваў польскае таварыства аматараў астраноміі. У 1966, 1972, 1975 и 1980 гг. атрымаў узнагароды ад розных ведамстваў, у 1976 г. быў узнагароджаны старшынёй Галоўнага ведамства геадэзіі і картаграфіі. 
Член-карэспандэнт ПАН (з 1983 г.), сапраўдны член ПАН ( з 1989 г.),
правадзейны член ПАВ (Польская акадэмія ведаў) ( з 1989 г.), ганаровы прафесар Палітэхнікі Варшаўскай, доктар honoris causa Сельскагаспадарча-тэхнічнай акадэміі ў Альштыне (1998). Аўтар болей за 260 навуковых прац па геадэзіі, сааўтар 4 патэнтаў.

Алясюк Вітольд Казіміравіч.
Навуковец, кандыдат тэхнічных навук (1976). Нарадзіўся ў 1936 г. у г. п. Вялікая Бераставіца. Скончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу, фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Леніна, аспірантуру пры Фізіка-тэхнічным інстытуце Акадэміі навук БССР. Працаваў у навукова-тэхнічным інстытуце абароннай прамысловасці. Мае больш за 30 навуковых публікацый.

Анацэвіч Ігнат Сымонавіч (1780, в. Малая Бераставіца — 18.02.1845, Санкт-Пецярбург), гісторык, археолаг, архівіст, педагог,  прафесар Віленскага ўніверсітэта (1818), Калежскі асаэсар (1827). Скончыў Ваўкавыскае вучылішча (1789—1796), вучыўся ў Гродзенскай акруговай школе (1796—1797), настаўніцкай семінарыі ў Элку (1801—1802). Атрымаў узнагароду міністра адукацыі і каралеўскую стыпендыю на двухгадовае навучанне ў Кёнігсбергскім універсітэце. Вучыўся там з 1802, быў высока ацэнены прафесурай, атрымаў падоўжанне каралеўскай стыпендыі яшчэ на два гады і скончыў універсітэт у 1806 годзе. Выкладаў польскую мову, пачаткі рускай мовы, займаў пасаду афіцыйнага перакладчыка прускага караля; працаваў у Кёнігсбергу да 1809 г. Вучыўся ў Віленскім універсітэце (1810—1811), атрымаў званне магістра філасофіі. Выкладаў на публічных курсах для дзяржаўных служачых усеагульную гісторыю, права і палітэканомію. З 1813 — настаўнік Беластоцкай гімназіі, з 1817 — памочнік дырэктара. З восені 1818 — намеснік прафесара ў Віленскім універсітэце, чытаў курс усеагульнай гісторыі (1818—1821), расійскай статыстыкі і дыпламатыі (з 1821). Абраны экстраадынарным прафесарам (28.06.1827). Пасля выкрыцця арганізацыі «Патрыёты Айчыны» (восень 1827 г.) быў палічаны тым, хто сваім уплывам падштурхнуў моладзь да дысідэнцтва. Арыштаваны ў лютым 1828, у маі 1828 высланы з Вільні ў Малую Бераставіцу. У 1834 г. пераехаў у Пецярбург. Працэс Анацэвіча цягнуўся да 21.02.1836, калі Сенат вызваліў яго ад суда і следства. Працаваў у Археаграфічнай камісіі (з 1834 г.). Першы беларускі даследчык Вялікага Княства Літоўскага (“Накід першабытнай гісторыі Літвы”, 1846; “Накід гісторыі ВКЛ”, 1849 і нш.), пачынальнік айчыннай гістарыяграфіі. Спрабаваў стварыць агульную гісторыю ВКЛ. Распрацаваў і чытаў у Віленскім універсітэце першы спецыяльны ўніверсітэцкі курс, прысвечаны мінуламу беларускага і літоўскага народаў. Стварыў цэласную арыгінальную навуковую карціну гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да канца 16 ст. Некаторыя элементы гэтай канцэпцыі ляжаць у аснове пазнейшых беларускай і літоўскай гістарыяграфій. Распрацаваў класіфікацыю крыніц па гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да 1569 года, выдзеліўшы наступныя іх групы: міжнародныя трактаты, Метрыка ВКЛ і Кароны, судовыя акты і акты капітул, «Хроніка…» Мацея Стрыйкоўскага, «Гісторыя Літвы» Войцеха Каяловіча, трактат Міхалона Літвіна «Аб норавах татар, ліцьвінаў і маскавітаў», Галіцка-Валынскі летапіс, тайны архіў крыжакоў. Важнымі лічыў таксама «нямыя помнікі», да якіх адносіў руіны замкаў, пахаванні, рэшткі адзення і зброі, урочышчы (напрыклад, гара Міндоўга пад Навагрудкам), народныя песні. Даў характарыстыку гэтым групам крыніц. Увёў у навуковае абарачэнне вялікую колькасць фактычнага матэрыялу, які стаў хрэстаматыйным. Склаў перыядызацыю гісторыі Літвы ад першага ўзгадання гэтай назвы (1009) да 1569 года, падзяляючы яе на 5 перыядаў: 1009—1183: «міфічная гісторыя», якая пачынаецца ад першага летапіснага ўзгадання Літвы. 1183—1240: «няпэўная гісторыя»: ад нападаў Літвы на «рускія краіны» — Пскоў і Ноўгарад, да панавання Міндоўга. 1240—1386: «больш пэўная гісторыя»: спачатку «вялікія клопаты ад крыжакоў», пазней, ад панавання Гедзіміна, нарастанне моцы Літвы. Эпоха доўжыцца да ўвядзення Ягайлам хрысціянства. 1386—1447: «вяршыня магутнасці» Літвы пасля пераадолення ёю раздробленасці. 1447—1569: «пераход пад уладу Польшчы» і канец, пасля Люблінскага сейма, «асобнай гісторыі Літвы»; «уліццё» гісторыі Літвы ў гісторыю Польшчы.


Бароўскі Міхаіл Іванавіч (1930, в.Плюскалаўцы – 2001), беларускі філосаф, доктар філасофскіх навук (1985), прафесар (1989). З сялян. Пасля заканчэння Вялікабераставіцкай сярэдняй школы вучыўся ў Вышэйшым зенітна-артылерыйскім ваенным вучылішчы (Латвія), служыў у Ленінградзе. Пасля звальнення з арміі скончыў аспірантуру пры Інстытуце філасофіі і права АН БССР, абараніў кандыдацкую дысертацыю (1963). Працаваў у гэтым жа інстытуце. У 1979 - 1986 гг. — загадчык кафедры філасофіі і навуковага камунізму Беларускага інстытута фізічнай культуры. Працаваў у галіне філасофска-метадалагічных праблем тэорыі маральнасці. Апублікаваў больш за 30 навуковых прац. Сярод іх: “О критерии нравственности» (1970), «Детерминизм и нравственное поведение личности» (1974), «Нравственные ценности и культура взаимоотношений между людьми» (1980), «Идеалы общества и смысл жизни человека» (1983).


Габрусевіч Сяргей Аляксандравіч.
Кандыдат філасофскіх навук, прафесар.
Нарадзіўся 9 верасня 1936 г. у вёсцы Верхаўляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Вышэйшую адукацыю атрымаў на гісторыка-філалагічным факультэце (рускае аддзяленне) Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Падчас вучобы ўзначальваў камітэт камсамола інстытута (1962-1963), працаваў лабарантам кафедры педагогікі. У 1964-1965 гадах, калі быў студэнтам дзённай формы навучання, загадваў вучэбнай часткай інстытута. Пасля заканчэння інстытута – асістэнт кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі, аспірант кафедры дыялектычнага матэрыялізму Беларускага ўніверсітэта. Аспірантуру скончыў датэрмінова і ў 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю “Развіццё У.І. Леніным марксісцкага вучэння аб практыцы як крытэрыі ісціны ў пазнанні сацыяльных з'яў”. З восені 1969 – старшы выкладчык кафедры філасофіі і палітэканоміі. Вучонае званне дацэнта па кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі прысвоена ў 1972 годзе. З 1973 года – загадчык кафедры методыкі камуністычнага выхавання, кафедры навуковага камунізму і палітэканоміі (1974-1976) , прарэктар па навуковай працы (1976-1986 ), прарэктар па вучэбнай працы (1986-1992 ), прафесар кафедры беларускай культуры (1992-2002 ), загадчык кафедры беларускай культуры (2002-2007), прафесар кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму. Вучонае званне прафесара па кафедры сацыяльна-палітычных тэорый і паліталогіі прысвоена ў 1990 годзе. У 90-я гады мінулага і пачатку гэтага стагоддзя прафесар С.А. Габрусевіч плённа працаваў на глебе нацыянальнай культуры. З’яўляўся членам Прэзідыума Беларускага Фонду культуры, старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду культуры. У 1994-1995 гадах заснаваў і рэдагаваў гісторыка-культурны часопіс “Свіцязь”, у якім друкаваліся матэрыялы па гісторыі культуры Гродзеншчыны і культуры беларускага замежжа. Аўтар больш за 100 навуковых прац па тэорыі пазнання, тэорыі і гісторыі беларускай культуры. Сярод навуковых прац прафесара С.А. Габрусевіча вылучаюцца манаграфіі “Гродна . Гістарычна-эканамічны нарыс” , “Гродзенскі дзяржаўны Універсітэт імя Янкі Купалы” , “Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё і спадчына”, а таксама вучэбныя дапаможнікі “Ад дзелавой гульні да прафесійнай творчасці” , “Педагагічная практыка студэнтаў”, “Гісторыя беларускай культуры” і іншыя. Член рэдкалегіі “Весніка ГрДУ імя Янкі Купалы”, часопіса “Роднае слова”, член Вучонага Савета ўніверсітэта і Савета аб'яднання кафедраў сацыяльна-гуманітарных навук. Званне Ганаровага прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прысвоена ў 2006 годзе.  Памёр 22 кастрычніка 2013 г.


Ганчар Таццяна Міхайлаўна (09.03.1986, в.Лішкі), навуковец, магістр юрыдычных навук (2010). У 2003 г. закончыла Макараўскую сярэднюю школу, у 2008 г. - юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, у 2010 г. – магістратуру Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Юрыспрудэнцыя”. У 2016 годзе закончыла аспірантуру БДУ. Працуе старшым выкладчыкам на кафедры міжнароднага права юрыдычнага факультэта ГрДУ. Сфера навуковых інтарэсаў – міжнародная ахова інтэлектуальнай уласнасці; міжнароднае транспартнае права; прававое рэгуляванне знешнеэканамічнай дзейнасці.

Громка Мікалай Іванавіч. Навуковец і педагог. Нарадзіўся ў 1953 г. у в. Пыхоўцычы. Скончыў Малабераставіцкую сярэднюю школу (1970), факультэт прыкладной матэматыкі  БДУ імя Леніна (1976). Там жа працаваў выкладчыкам на кафедры агульнага (1976-1983), потым сістэмнага праграміравання (1983-1987), у 1987-1991 гг. – асістэнт кафедры матэматычнага забеспячэння сістэм аўтаматызаванага праектавання на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. З 1991 – асістэнт, старшы выкладчык кафедры эканамічнай інфарматыкіэканамічнага факультэта БДУ.  Апублікаваў больш за 40 навуковых прац.  Аўтар навукова-папулярнай кнігі “Введение в страну ЭВМ» (1984), вучэбнага дапаможніка “Асновы інфарматыкі. Лабараторны практыкум для студэнтаў эканамічнага факультэта” (Мінск, 2005) Больш за 10 яго распрацовак укаранёны ў вытворчасць у Беларусі і ў краінах СНД. Узнагароджаны сярэбраным медалем ВДНГ.


Дарашкевіч Валерый Мікалаевіч (1947, в. Карпаўцы), навуковец, кандыдат тэхнічных навук (1981). Скончыў Вялікабераставіцкую СШ (1965), фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Леніна па спецыяльнасці ядзерныя энергетычныя ўстаноўкі. Працаваў у Інстытуце ядзернай энергетыкі АН БССР, скончыў аспірантуру. Удзельнічаў у распрацоўцы праекта “Атамныя перасоўныя электрастанцыі”. З 1988 г. у Інстытуце радыёбіялогіі АН БССР. У 1990 – 1994 гг. — у Віцебску, намеснік дырэктара па навуковай частцы Беларускага дзяржаўнага праектнага інстытута. Мае 60 навуковых публікацый, 6 вынаходніцтваў, выдаў 4 кнігі. З 1994 г. жыве і працуе ў Кіеве.


Дзешка Іван Фёдаравіч.
Навуковец і педагог, кандыдат гістарычных навук (1973). Нарадзіўся ў 1931 г. у в. Плюскалаўцы. Скончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу (1951), БДУ імя Леніна (1957). Працаваў выкладчыкам гісторыі ў Бераставіцкім раёне (Лішкаўская сямігодка), у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, у Гродзенскай абласной арганізацыі таварыства “Веды”, у Гродзенскім медінстытуце. Завочна скончыў аспірантуру пры БДУ імя Леніна. Працаваў у Гродзенскім педінстытуце (потым універсітэт) імя Я. Купалы, 15 гадоў загадваў кафедрай агульнай гісторыі, з 1977 г. — дацэнт. Мае больш за 30 навуковых публікацый. Памёр у 1998 г.


Дзешка Міхаіл Сяргеевіч (1984, г.п. Вялікая Бераставіца), навуковец, кандыдат медыцынскіх навук (2011), дацэнт. У 2001 г. скончыў Вялікабераставіцкую Сярэднюю школу, у 2007 г. – Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Лячэбна-прафілактычная справа”. У 2007-2008 гг. прайшоў стажыроўку па тэрапіі ў  Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. У 2008 г. працаваў у ЦРБ у г. Свіслач. У гэтым жа годзе паступіў у аспірантуру на кафедру гаспітальнай тэрапіі ГрДзМУ па спецыяльнасці “Кардыялогія”. У 2011 г. атрымаў стыпендыю Прэзідэнта РБ для аспірантаў. У гэтым жа годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта НАН Беларусі доктара медыцынскіх навук, прафесара Віктара Аляксандравіча Сняжыцкага, рэктара Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. У 2013 г. быў адзначаны граматай рэктарата ГрДзМУ “За высокія творчыя дасягненні і ўклад у навуковую дзейнасць”, у 2014 г. – граматай Міністэрства адукацыі “За шматгадовую плённую педагагічную дзейнасць, паспяховае кіраўніцтва працамі студэнтаў пераможцаў ХХ Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў”, у 2015 г. – граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў “За асабісты ўклад ў развіццё медыцынскай навукі і практычнай аховы здароўя, дасягненняў у справе падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў”. У 2013 г. атрымаў грант  Еўрапейскай асацыяцыі рытму сэрца на выкананне навукова-даследчай працы на базе Інстытута сардэчна-сасудзістых захворванняў Бірмінгемскага ўніверсітэта ў Вялікабрытаніі, які мае ўнікальную па ўзроўню аснашчанасці дыягнастычную лабараторыю. Тэма даследавання – “Вывучэнне фундаментальных пытанняў патагенезу фібрыляцыі перадсердзяў і фіброзу міякарда”. З 2011 г. – асістэнт кафедры гаспітальнай тэрапіі. У цяперашні час – дацэнт 1-й кафедры ўнутраных хвароб, намеснік дэкана факультэта замежных студэнтаў ГрДзМУ.


Каваленя Аляксандр Дзмітрыевіч (21.02 (05.03).1895, в. Кашанцы – 27.08.1937), беларускі археолаг. З сялян. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1915) і БДУ імя Леніна (1929). Удзельнік грамадзянскай вайны. З 1932 г. — навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР. Даследаваў стаянкі палеаліту (Бердыш, Юравічы), жалезнага веку (Банцараўшчына), помнікі розных эпох Тураўшчыны. У 1927 г. вёў раскопкі на гарадзішчы ў Тураве, атрымаў першыя матэрыялы, характэрныя для старажытнага горада. Вывучаў культуры плямён, якія жылі ў басейне Дняпра, на левабярэжных прытоках Прыпяці і Заходняй Дзвіны, збіраў матэрыялы для археалагічнай карты Беларусі. Займаўся вывучэннем старажытнага Мінску. Разам з Аляксандрам Ляўданскім і Сяргеем Дубінскім з’яўляўся адным з аўтараў трохтомнага выдання “Працаў” – навуковага зборніка Інбелкульта па археалогіі. Падрыхтаваны вучонымі чацверты том “Працаў” не пабачыў свет – быў знішчаны органамі НКВД у наборы. Арыштаваны ў 1937 г. Расстраляны 28 жніўня 1937 г. па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Польшы. Рэабілітаваны 16 кастрычніка 1958 г.


Кавалеўскі Восіп Міхайлавіч (Jósef Szczepan Kowalewski, 28.12.1800 (09.01.1801), Вялікая Бераставіца – 09.10.1878, Варшава) – вядомы польскі, беларускі і расійскі філолаг-усходазнавец, заснавальнік навуковага манголазнаўства ў Расіі і Еўропе, гуманіст і асветнік. Акадэмік Пецярбургскай АН (1847), прафесар (1834). Нарадзіўся ў Вялікай Бераставіцы ў сям’і ўніяцкага свяшчэнніка. Пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі (1809-1817) паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Віленскага універсітэта. У Віленскім універсітэце В. Кавалеўскі стаў актыўным удзельнікам тайных студэнцкіх таварыстваў “Таварыства філаматаў” (з 1817 г.) і “Таварыства філарэтаў (з 1820 г.) разам з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам і Тамашам Занам. Усе яны ўспаміналі яго ў сваіх вершах таго часу. Універсітэт В.Кавалеўскі закончыў у 1820 гса ступенню кандыдата філасофіі і быў прызначаны выкладчыкам славеснасці ў Віленскую гімназію. Акрамя выкладчыцкай дзейнасці займаўся перакладамі твораў антычных паэтаў і філосафаў (шэсць кніг Авідзія “Метамарфозы”). Членства ў тайным таварыстве філаматаў адбілася на лёсе вучонага. 23 кастрычніка 1823 г. ён быў арыштаваны за былую дзейнасць ў таварыстве, а затым высланы “пад надстражэйшым наглядам” ва ўнутраныя губерні Расіі – у Казанскі універсітэт пад маркай вывучэння ўсходніх моў. Тут Кавалеўскі сапраўды вывучаў цюркскія і арабскія мовы, напісаў гісторыю Казанскага ханства. Праз чатыры гады  па прапанове рэктара Казанскага універсіта М.І. Лабачэўскага ён паехаў у Іркуцк для вывучэння мангольскай мовы. Знаёмячыся з побытам мясцовых людзей, ён шмат хадзіў і ездзіў па землях Бураціі, Манголіі, Кітая, Даурыі. Падоўгу жыў у юртах, наведваў будыйскія манастыры, дзекабрыстаў у Нерчынскіх рудніках. У 1830 годзе з рускай місіяй пабываў у Пекіне, дзе працягваў вывучаць будызм. На некалькі дзесяцігоддзяў раней за Пржавальскага і Казлова прайшоў пустыню Гобі. Свае справаздачы, дарожныя заметкі, пісьмы друкаваў у газетах і навуковых часопісах Казані, Масквы, Пецярбурга, Парыжа. У Казань прывёз калекцыі касцюмаў, манет, карцін, слоўнікаў і кніг (1433 тамы) па гісторыі, філасофіі, багаслоўю і праву – на мангольскай, тыбецкай, кітайскай і маньчжурскай мовах. Пасля вяртання ў Казань (1833) Кавалеўскі ўжо ў званні прафесара ўзначаліў новую кафедру мангольскай мовы, напісаў і выдаў “Кароткую граматыку мангольскай кніжнай мовы” і “Мангольскую хрэстаматыю”.    Улічваючы вялікія навуковыя заслугі нашага земляка перад Расіяй, у 1837 годзе яго абралі членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук і мастацтваў. Яшчэ праз дзесяць гадоў – акадэмікам. Але імператар Мікалай І выкрасліў яго са спісаў акадэмікаў па палітычных меркаваннях. Двойчы быў адзначаны Дзямідаўскай прэміяй. З 1840 года – правадзейны член таварыства гісторыі і расійскіх старажытнасцей пры Маскоўскім універсітэце, затым ганаровы член азіяцкіх таварыстваў у Парыжы і Лондане. З красавіка 1844 года – правадзейны член каралеўскага Дацкага таварыства паўночных антыкварыяў,  а з 29 сакавіка 1858 года – правадзейны член Віленскай археаграфічнай камісіі. З 1844 года – дырэктар Казанскай гімназіі і кіраўнік школ Казанскай губерні. У 1855 годзе В. Кавалеўскі стаў рэктарам Казанскага універсітэта. У гэты час ён рэдагаваў “Вучоныя запіскі Казанскага універсітэта”, рабіў пераклады мангольскіх кніг на рускую мову. Аднак, у 1860 годзе быў вызвалены ад гэтай пасады ў сувязі з рэвалюцыйнымі хваляваннямі студэнтаў. У 1862 годзе В. Кавалеўскі пераехаў у Варшаву, узяўшы з сабою асноўную частку сваёй бібліятэкі, а таксама найважнейшыя рукапісы. Тут ён чытаў лекцыі па ўсеагульнай гісторыі ў Варшаўскай Галоўнай школе, якая ў 1869 годзе бала перайменавана ў Варшаўскі універсітэт, і быў дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта. 29 сакавіка 1878 года быў выбраны Ганаровым членам Казанскага універсітэта. Памёр Восіп Кавалеўскі 9 кастрычніка 1878 года, пахаваны на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве.


Кажанеўскі Алег Часлававіч (1975, в. Плябанаўцы) – навуковец, педагог, кандыдат сельскагаспадарчых навук (2004), дацэнт. У 1992 г. скончыў Канюхоўскую сярэднюю школу, у 1996 г. – Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. З 1997 г. па 2000 г. вучыўся ў аспірантуры Беларускага навукова-даследчага інстытута па земляробству (г. Жодзіна). З 2000 г. працуе ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце: асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт кафедры агульнага земляробства. У 2004 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Аптымізацыя ўмоў фарміравання высокапрадуктыўнага пасеву вузкалістнага лубіну на насенне ў заходнім рэгіёне Рэспублікі Беларусь”. З 2010 г. – дэкан агранамічнага факультэта. Апублікаваў больш за 40 навуковых і 25 вучэбна-метадычных прац.


Калініна (Чушынская) Клаўдзія Уладзіміраўна.
Доктар гістарычных навук (1900), прафесар (1992). Нарадзілася ў 1938 г. у в. Падбагонікі. Скончыла Малабераставіцкую сярэднюю школу (1954), Уладзікаўкаўказскі педагагічны універсітэт (1962), Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1968), аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1974). Працоўную дзейнасць пачала ў 1955 г. на будоўлях г. Арджанікідзе, куды трапіла па камсамольскай пуцёўцы. Працавала рабочай, сакратаром камітэта камсамола будтрэста, першым сакратаром Прамысловага райкома камсамола,  другім сакратаром абкома камсамола, намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі абкома партыі. З 1974 г. у Маскве: загадчык аддзела ў Музеі Кастрычніцкай рэвалюцыі, намеснік дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі кіруючых кадраў Акадэміі грамадскіх навук. З 1990 намеснік загадчыка кафедры нацыянальных і федэральных адносін у Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі. Распрацавала аўтарскі вучэбны курс “Нацыянальныя меньшасці і карэнныя малаколькасныя народы ў нацыянальнай палітыцы Расійскай Федэрацыі”. З’яўляецца аўтарам вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў: “”Нацыянальныя меньшасці ў Расіі” (М., 1993), “Нацыянальныя меньшасці ў Расійскай Федэрацыі” (М., 2007), “Дзяржаўная нацыянальная палітыка і кіраванне этнапалітычнымі працэсамі. Вучэбна-метадычны комплекс” (М., 2009, у сааўтар.). “Тэорыя і гісторыя нацый і нацыянальных зносін. Вучэбна-метадычны комплекс (М., 2009, у сааўтар.), “Этнагенез народаў Расіі і сучасныя міжнацыянальныя працэсы. Вучэбна-метадычны комплекс” (М., 2009), “Карэнныя малаколькасныя народы Расійскай Федэрацыі. Вучэбна-метадычны дапаможнік” (М. 2011, у сааўтар.), “Еўразійская прастора і фарміраванне еўразійскай цывілізацыі / Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Еўразійства: ад дыялога да ўзаемадзеяння” Да 20-годдзя выступлення ў МДУ імя М.В. Ламаносава Прэзідэнта Казахстана Н.А. Назарбаева. Тэзісы дакладаў” (М. 2014), “ Інтэграцыйныя зносіны Расіі і Казахстана як аб’ектыўны працэс” (Этнасоцыум і міжнацыянальная культура.- 2014.- №1, у сааўтар.)

Карпуць Іван Мацвеевіч –  вучоны ў галіне ветэрынарыі, педагог, доктар ветэрынарных навук (1977), прафесар (1979), член-карэспандэнт акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1992-2002), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), Ганаровы прафесар Кэмррыджскага (2002) і Калумбійскага (2003) універсітэтаў. Нарадзіўся 1 студзеня 1938 г. у в. Даўбянкі Бераставіцкага р-на.Вучыўся ў Пархімаўскай сямігадовай, потым у Малабераставіцкай сярэдняй школах. Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1961). У 1961 — 1963 гг. працаваў галоўным ветурачом у саўгасе “Скідальскі” Гродзенскага раёна. У 1966 г. скончыў аспірантуру пры Віцебскім ветэрынарным інстытуце. З 1967 г. празектар, асістэнт, дацэнт, прафесар кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута. З 1979 г. — там жа загадчык кафедры тэрапіі сельскагаспадарчых жывёл, з 1989 г. прарэктар інстытута па навуковай рабоце. З 2004 г. прафесар віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Апублікаваў звыш 600 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, 4 падручніка, 3 даведніка. Аўтар 11 вынаходстваў і патэнтаў, аўтар і сааўтар дыягнастычных,  лячэбна-прафілактычных прэпаратаў і імунакарэктараў, вытворчаць якіх наладжана ў Беларусі. Распрацаваў і апрабаваў інфармацыйныя тэхналогіі і прагрэсіўныя вучэбна-метадычныя дапаможнікі, якія рэалізаваны ў вучэбных працэсах вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь і краін СНД. Член рэдкалегіі і аўтар каля ста артыкулаў “Беларускай ветэрынарнай энцыклапедыі”. Лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (1997) за цыкл прац “Вывучэнне заканамернасцяў фарміравання імуннага статуса, высвятлення механізмаў развіцця імунапаталогіі жывёл, стварэнне прэпаратаў для дыягнастычных, лячэбных і прафілактычных цэляў”. Асноўныя працы: “Гематалагічны атлас сельскагаспадарчых жывёл” (Міснк, 1986), “Імуналогія і імунапаталогія хваробаў маладняку” (Мінск, 1993), “Унутраныя незаразныя хваробы жывёл” (СПб., 2002, у сааўт.).


Касяноўская (Вайцейшчык) Ганна Станіславаўна  (13.07.1984, г.п. Вялікая Бераставіца), беларускі гісторык, педагог. Кандыдат гістарычных навук (2013), дацэнт. Скончыла Вялікабераставіцкую сярэднюю школу (2001), у  2006 г. - гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. У 2008 г. скончыла магістратуру і ў гэтым жа годзе паступіла ў аспірантуру па спецыяльнасці “Айчынная гісторыя” пры кафедры гісторыі Беларусі (навуковы кіраўнік – прафесар І.П. Крэнь). У 2013 г. абараніла дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук па тэме: “Мястэчкі Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.): сацыяльна-эканамічнае  і культурнае развіццё”.  Намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, выкладчык кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін. Атрымала гранты і навуковыя стыпендыі: Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў (Беларусь, два разы, у 2010-1012 гг. і ў 2013-2015 гг.), Касы імя Ю.Мяноўскага (Польша, 2011 г.), Польскага камітэта па справах ЮНЭСКА (Польша, 2011 г.) Цэнтра Чэйза па развіццю іўдаікі на рускай мове (Ізраіль, 2011 г.). Аўтар 30 навуковых публікацый.


Койта Казімір Канстанцінавіч (04.03.1942, в.Макараўцы Бераставіцкага р-на), беларускі філосаф, педагог. Кандыдат філасофскіх навук (1980), дацэнт (1988). З сям’і селяніна, краўца. Скончыў Макараўскую сямігадовую, Сарасецкую сярэднюю школы. У 1959 г. паступіў на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання Гродзенскага педагагічнага інстытута, у 1961 г.   выключаны за рэлігійныя перакананні. Працаваў у г.Гродна рабочым на заводзе “Аўтазапчастка” (1961-1962), на Гродзенскай абутковай фабрыцы “Нёман” (1962-1972). Завочна вучыўся на філасофскім аддзяленні  гістфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна (1966-1972). З 1972 г. працаваў на кафедры філасофіі і навуковага камунізму (кафедры гуманітарных навук з 1993 г.) Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Друкаваўся з 1976 г. Вывучаў праблемы рэлігіі і вальнадумства ў Беларусі. Аўтар кніг  “З гісторыі вальнадумства і атэізму ў Беларусі” (1978, у сааўт., на рус. мове), «У пошуках ісціны” (1982, на рус. мове), “Размова ў адкрытую пра каталіцызм” (1985, на рус. мове), “Каталіцызм у Беларусі: традыцыяналізм і прыстасаванне” (1987, у сааўт., на рус. мове), “Асноўныя хрысціянскія плыні і фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў” (Гродна, 1993, у сааўт.).

Кручкоўскі Тадэвуш Тадэвушавіч (05.01.1961, в. Яскулды Бераставіцкага р-на),  беларускі гісторык, педагог. Кандыдат гістарычных навук (1993), дацэнт. Скончыў 8-годку ў в.Дварчаны Свіслацкага р-на (1976). Вучыўся ў Ваўкавыскай педагагічнай вучэльні (1976-1980). Настаўнічаў на Міншчыне. У 1982-1983 гг. быў слухачом падрыхтоўчага аддзялення Гродзенскага ўніверсітэта. У 1988 г. скончыў гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. У 1989-1992 гг. вучыўся ў аспірантуры Інстытута славяназнаўства і балканістыкі Расійскай акадэміі навук (г. Масква). З 1992 г. працуе на кафедры агульнай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы на пасадах асістэнта, старшага выкладчыка, дацэнта. У 1993 г абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Польская праблематыка ў рускай гістарыяграфіі другой паловы ХІХ ст.” Асноўная тэма навуковых даследаванняў: гісторыя Польшы, Літвы, Беларусі ХVІ – ХІХ ст. у інтэрпрэтацыі рускай гістарыяграфіі ХІХ – ХХ ст. Выдаў манаграфію “Польская праблематыка ў рускай гістарыяграфіі 2-й паловы ХІХ ст.” (1994, на рус.мове), сааўтар навучальнага дапаможніка “Найстаражытныя цывілізацыі Лацінскай Амерыкі” (Гродна, 1998, на рус. мове). 

Лукашык Іван Аркадзевіч.
Навуковец, электроншчык, кандыдат фізічных навук. Нарадзіўся ў 1937 г. у в. Кавалі. З сялян. Скончыў Малабераставіцкую сярэднюю школу (1954), фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Леніна. З 1959 г. працуе ў вылічальным цэнтры БДУ імя Леніна. Мае больш за 20 навуковых публікацый. Аўтар чатырох вынаходніцтваў у галіне электронікі, па аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў, чатырохразовы ўдзельнік Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.

Лукашык Мікалай Ніканоравіч
Навуковец, педагог, кандыдат сельскагаспадарчых навук (1984), дацэнт (1993). Нарадзіўся ў 1947 г. у в. Падбагонікі Бераставіцкага р-на. Вучыўся ў Алекшыцкай, затым у Малабераставіцкай сярэдніх школах. Скончыў гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1970), працаваў аграномам на Жабінкаўскай раённай станцыі аховы раслін у Брэсцкай вобл., у вучэбна-вопытнай гаспадарцы “Прынёманскі”, старшым навуковым супрацоўнікам у Беларускім навукова-даследчым інстытуце аховы раслін. З 1987 г. у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце: дэкан факультэта аховы раслін (1990-1995), загадчык кафедры энтамалогіі і біялагічнай аховы раслін (1996-2001). З 2001 па 2012 гг. – загадчык кафедры фітапаталогіі і хімічнай аховы раслін Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.


Мароз Аркадзій Іосіфавіч (1940, в. Траццякі), навуковец, кандыдат эканамічных навук (1978), дацэнт (1983), прафесар, член-карэспандэнт Беларускай інжынернай акадэміі (1996). Вучыўся ў Масалянскай сярэдняй школе. Скончыў Жыровіцкі тэхнікум механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут, аспірантуру (1977) пры ім. З 1979 г. узначальваў абласны аддзел сацыяльна-эканамічных праблем Навукова-даследчага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, выкладаў у Гродзенскім камерцыйным інстытуце сучасных ведаў. З 1997 г. прафесар кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемстве на факультэце эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.  


Мароз Міхаіл Адамавіч (11.02.1934, в. Траццякі), навуковец, кандыдат эканамічных навук (1974), дацэнт (1988). Скончыў Масалянскую сярэднюю школу (1954), Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1959). З 1962 г. галоўны аграном саўгаса “Зара” Ваўкавыскага раёна, галоўны аграном, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Шчучынскага райвыканкама. З 1974 г. – інструктар, загадчык сектара навукі і навучальных устаноў, намеснік загадчыка сельскагаспадарчага аддзела ЦК КПБ. З 1985 г. па 1998 г. працаваў рэктарам Інстытута кіравання аграпрамысловым комплексам Беларусі. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1992), узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.


Марцінчык Валянціна Міхайлаўна.  
Навуковец, педагог, кандыдат сельскагаспадарчых навук (1971). Нарадзілася ў 1927 г. у в. Кубельнікі Бераставіцкага раёна. Скончыла Масалянскую сямігодку, фельчарска-акушэрскую школу ў Гродне (1948), Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1957), аспірантуру  пры гэтым жа інстытуце. Працавала фельчарам на Гродзенскай абласной санэпідэмстанцыі, аграномам, галоўным аграномам у саўгасе “Гродзенскі”. З 1960 г. у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце: старшы лабарант, асістэнт, старшы выкладчык кафедры анатоміі і фізіялогіі сельскагаспадарчых жывёл, з 1972 па 1988 гг. - дацэнт кафедры кармлення і фізіялогіі сельскагаспадарчых жывёл. Мае больш за 30 навуковых публікацый.

Марцінчык Мікалай Васільевіч  -  навуковец, педагог, кандыдат сельскагаспадарчых навук (1965), дацэнт. Нарадзіўся ў 1933 г. у в. Кубельнікі. Скончыў Масалянскую сямігадовую і Гродзенскую сярэднюю школы, у 1957 г. - Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, у 1963 – аспірантуру. Працаваў навуковым супрацоўнікам на Гродзенскай доследнай станцыі, дырэктарам эксперыментальнай базы “Беняконь” З 1968 г. у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце: загадчык кафедры земляробства (1969-1981), дэкан завочнага аддзялення (1987-1997), у 1997- 2007 гг. дацэнт кафедры земляробства Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Апублікаваў болей за 100 навуковых  і метадычных прац, сааўтар падручнікаў “Асновы кормавытворчасці” (1983), “Палявая кармавытворчасць з асновамі земляробства” (2004), “Практыкум па земляробству” (2005), “Раслінаводства” (2008).

Матусевіч Аляксандр Аляксандравіч.
Вайсковец, палкоўнік, кандыдат тэхнічных навук. Нарадзіўся ў 1952 г. у г. п. Вялікая Бераставіца. Скончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу, Апочацкае сярэдняе зенітна-ракетнае вучылішча (1972), Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча супрацьпаветранай абароны (1981). Служыў у войсках супрацьпаветранай абароны, з 1982 г. працаваў у Днепрапятроўскім вышэйшым зенітна-ракетным вучылішчы выкладчыкам, намеснікам начальніка вучэбнага аддзела, начальнікам вучэбнага аддзела, намеснікам начальніка вучылішча па вучэбнай частцы. З 1992 г. — намеснік начальніка кафедры ваеннай падрыхтоўкі Дняпроўскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта чыгуначнага транспарту. Мае больш за 20 навуковых публікацый.

Палубінскі Аляксандр Сямёнавіч.
Краязнаўца, заслужаны работнік культуры Беларусі (1982). Нарадзіўся ў 1921 г. у в. Краснае. У 1940 г. вучыўся ў педвучылішчы ў г. Беласток, але закончыць яго перашкодзіла вайна. Пасля вайны скончыў Ваўкавысскае педвучылішча, Гродзенскі педагагічны інстытут імя Я. Купалы. Настаўнічаў у школах Свіслацкага раёна, 1960 г. працаваў дырэктарам школы-інтэрната, сярэдняй школы імя К. Каліноўскага ў г.п. Свіслач, раённага краязнаўчага музея, адным з арганізатараў якога быў сам. Многа зрабіў па ўвекавечванні памяці паплечнікаў К. Каліноўскага, зборы краязнаўчых матэрыялаў па гісторыі Бераставіччыны і Свіслаччыны. Выдатнік народнай асветы, узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”, Граматай Вярхоўнага Савета БССР, польскімі ўзнагародамі.

Скапец Георгій Міхайлавіч (1944, в. Бераставічаны), ваенны навуковец, доктар тэхнічных навук (1995), прафесар 4-га ЦНДІ МА РФ, заслужаны дзеяч навукі Расіі (1987), член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі інфарматыкі. У 1960 г. закончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу, у 1965г. - Даўгаўпілскае вышэйшае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча, Ваенную акадэмію імя Жукоўскага, ад’юнктуру.  З лістапада 1997 г. па цяперашні час – вядучы навуковы супрацоўнік 4-га ЦНДІ МА РФ. Аутар і сааўтар болей за 170 навуковых прац, выдаў манаграфію. У навуковых працах распрацавана тэорыя і прыкладная метадалогія абгрунтавання тэхнічнага аблічча (абрысу) ўніфіцыраваных авіяцыйных комплексаў (АК) рознага прызначэння. Вынікам навукова-метадычнай працы д.т.н., прафесара Г.М.Скапца з’яўляецца стварэнне навуковай школы ў галіне фарміравання тэхнічнага аблічча (абрысу) перспектыўных АК. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана 6 кандыдатаў і 2 доктара тэхнічных навук.

Тамашчык Яўген Аляксандравіч — навуковец, доктар медыцынскіх навук, дацэнт (1988), прафесар Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Нарадзіўся ў 1933 г. у в. Карпаўцы. Вучыўся ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе, але за паўтара месяца да выпускных экзаменаў у красавіку 1952 г. як член сям’і кулака разам з роднымі быў вывезены ў Казахстан. Там здаў экзамены за сярэднюю школу. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў. У 1960 г. скончыў Казахскі  медыцынскі інстытут. Працаваў хірургам у г. Гур’еў. У 1964 г. пераехаў у Гродна.. Скончыў аспірантуру (1968) на кафедры агульнай хірургіі, у 1971 г. абараніў кандыдацкую і ў 1980 г. доктарскую дысертацыі. З 1967 г. працаваў на кафедры агульнай хірургіі. З 1990 г. загадчык кафедры немедыкаментознай тэрапіі. Апублікаваў 114 навуковых прац, сааўтар манаграфіі і аўтар трох вынаходніцтваў па хірургіі, 51 рацыяналізатарскай прапановы.

Хакала Алег Уладзіміравіч (1947, в.Ёдзічы — 2004), навуковец, кандыдат тэхнічных навук (1978), заслужаны вынаходнік СССР (1983). Скончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу (1965), Харкаўскае вышэйшае каманднае інжынернае вучылішча ракетных войскаў стратэгічнага  назначэння імя Маршала СССР Крылова (1972), ад’юнктуру пры гэтым вучылішчы. Служыў у войсках стратэгічнага назначэння. З 1978 у Стаўрапольскім вышэйшым ваенным інжынерным вучылішчы імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка: малодшы, старшы навуковы супрацоўнік, выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт (1992). У 1995-1998 гг. дацэнт Стаўрапольскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта на кафедры біямедыцынскіх электронных сістэм. Аўтар некалькіх кніг і дапаможнікаў, 60 вынаходніцтваў, 14 з якіх выкарыстоўваюцца ў прамысловасці. Майстар-радыёканструктар СССР (1986). Узнагароджаны медалямі “За бездакорную службу” трох ступеней, дыпломамі ВДНГ, міжнародных выставак.

Хвясько Генадзій Міхайлавіч (1939, г.п. Вялікая Бераставіца), навуковец, кадыдат тэхнічных навук (1979) дацэнт (1980). У 1955 г. закончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу, у 1961 г. -  Беларускі лесатэхнічны інстытут імя С.М.Кірава па спецыяльнасці “Лесаінжынерная справа”. Працаваў у гарадах Петрыкаў, Смаргонь. З 1964 г. асістэнт кафедры тэарэтычнай механікі, старшы выкладчык, намеснік дэкана, дэкан факультэта хімічных тэхналогій і тэхнікі, з 1997 г. прарэктар па выхаваўчай рабоце Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта. З 2005 г. па цяперашні час працуе дацэнтам кафедры тэарэтычнай механікі. Аўтар больш за 60 навуковых публікацый. Асноўныя працы: “Влияние направления сжимающего усилия на прочность и модуль упругости модифицированной фенолоспиртами древесины березы» (“Лесной журнал”.- 1975.- №6), “Курс тэарэтычнай механікі” (2000); “Тэарэтычная механіка. Практыкум. У 2-х частках” (Мн., 2004), Сааўтар публікацый:  “Определение критических скоростей вращения планетарной мельницы” («Вестник БГТУ”, 2003, №2); “Определение важнейших параметров центробежно-шаровых мельниц» («Химическое и нефтегазовое машиностроение», 2007, №10); “Динамика машин и виброзащита” (Мн., 2009),  “Исследование падения мелющего тела в планетарной мельнице с внешней обкаткой барабанов» («Химическое и нефтегазовое машиностроение», 2013, №2).  

Хілюта Уладзімір Андрэевіч (26.04.1951, в. Старынцы), беларускі гісторык, педагог. Кандыдат гістарычных навук (1982), дацэнт (1984). З сялянскай сям’. Вучыўся ў пачатковай школе ў роднай вёсцы, у 8-годцы ў в. Пархімаўцы. Скончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу (1968). Працаваў экспедытарам аптова-гандлёвай базы Бераставіцкага РайПА (1968-1969). Служыў у войску (1969-1971). У 1976 скончыў гістарычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Быў лабарантам на кафедры філасофіі (1976-1977), выкладаў на кафедры гісторыі СССР і БССР (1977-1979).. У 1972 —1982 гг. вучыўся ў аспірантуры пры БДУ імя Леніна. З 1982 г. – выкладчык (з 1984 – на пасадзе дацэнта) кафедры ўсеагульнай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. Мае больш за 30 навуковых публікацый.

Шышкін Віктар Мікалаевіч (02.01.1947, г.п.Вялікая Бераставіца - 2012), навуковец-хімік, педагог. Доктар хімічных навук, прафесар (1985). Скончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу (1964), Мардоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Агарова (1969). Працаваў старшым выкладчыкам у Мардоўскім універсітэце. У 1973-1976 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Маскоўскім універсітэце імя М. В. Ламаносава. З 1976 г. - у Мардоўскім універсітэце. У 1978 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, дацэнт. У 2005 г. абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені доктара хімічных навук на тэму “Сінтэз і рэакцыйная здольнасць полібраміраваных араматычных злучэнняў”.  З 1986 па красавік 2007 г. – загадчык кафедры арганічнай хіміі, прафесар. Пад яго кіраўніцтвам паспяхова вяліся даследаванні ў галіне хіміі полібромараматычных злучэнняў. Многа сіл і энергіі аддаў стварэнню і аснашчэнню спецыялізаваных лабараторый па інфрачырвонай спектраскапіі, спектраскапіі пратоннага магнітнага рэзанансу, газавай хроматаграфіі, арганізацыі гаспадарча-дагаворных навукова-даследчых работ. На працягу многіх гадоў з’яўляўся нязменным кіраўніком міжфакультэцкай навукова-даследчыцкай лабараторыі па напрацоўцы заказных хімічных рэактываў і малатанажных хімічных прадуктаў. Узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР і нагрудным знакам “Вынаходнік СССР”. Апублікаваў больш за 30 навуковых прац.


Ядкоўскі Казімір Міхайлавіч (1944, в.Вялікія Ёдкавічы), кандыдат медыцынскіх навук (1990), вядучы хірург і  дзіцячы ўролаг, кансультант планава-хірургічнага аддзялення Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Скончыў Ёдкаўскую сямігадовую  (1957), Гродзенскую сярэднюю школы, Слонімскае медыцынскае вучылішча (1964). Працаваў у Бераставіцкім раёне выкладчыкам фізкультуры ў Ёдкаўскай сямігодцы, фельчарам на Жукевіцкім ФАПе (1964-1968). У 1974 г. закончыў Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1974-1980 гг. – ардынатар дзіцячага хірургічнага аддзялення Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы. З 1980 г. – асістэнт кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага медыцынскага інстытута. З 1998 г. – дацэнт кафедры дзіцячай хірургіі, намеснік дэкана факультэта медыцынскіх сясцёр з вышэйшай адукацыяй. У 2000-2005 гг. – дэкан факультэта медыцынскіх сясцёр з вышэйшай адукацыяй. Аўтар 219 публікацый, 19 рацыяналізатарскіх прапаноў, 10 укараненняў у клінічную практыку, 14 метадычных рэкамендацый і дапаможнікаў. Узнагароджаны залатым медалём Альберта Швейцара (2005), граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2013), Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (2014), знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (2014).

Янчэўскі Мікалай Пятровіч — навуковец, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт. Нарадзіўся ў 1933 г. у в. Шаляпкі. Скончыў вялікабераставіцкую сярэднюю школу (1953), Мінскі медыцынскі інстытут (1959). Працаваў урачом у Кватарскай участковай бальніцы, хірургам у Ваўкавыскай раённай бальніцы. Скончыў аспірантуру на кафедры агульнай хірургіі Гродзенскага медыцынскага інстытута, дзе ў 1968 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў асістэнтам кафедры агульнай шпітальнай хірургіі, у апошні час — асістэнтам кафедры анкалогіі Гродзенскага медыцынскага інстытута. Аўтар 80 навуковых прац, 25 рацыяналізатарскіх прапаноў.

Якаўчук Віктар Іванавіч (24.05.1959, в.Верхаўляны) – навуковец, кандыдат тэхнічных навук, доктар гістарычных навук, акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі (2002), член-карэспандэнт Акадэміі ваенных навук Расіі (2011), палкоўнік запаса. З сялянскай сям’і. З 1966 па  1976 гг. вучыўся ў Малабераставіцкай сярэдняй школе. Закончыў Далёкаўсходняе вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча імя Маршала Савецкага Саюза Ракасоўскага (1983, г. Благавешчанск), Вышэйшую інжынерную пажарна-тэхнічную школу МУС СССР (1989 г., г. Масква), аспірантуру Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай экадэміі (2002), дактарантуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2006).  Праходзіў службу на афіцэрскіх пасадах ва Узброеных сілах СССР. У 1989-1993 гг. выкладчык у Тальяцінскім вышэйшым ваенна-будаўнічым камандным вучылішчы. З 1993 па 2001 гг. працаваў у Камандна-інжынерным інстытуце МНС Беларусі выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам, намеснікам начальніка вучэбнага аддзела, намеснікам начальніка інстытута (прарэктарам) па вучэбнай рабоце, першым намеснікам начальніка (першым прарэктарам) інстытута. З 2001 г. у цэнтральным апараце МЧС Рэспублікі Беларусь (начальнік аддзела, начальнік упраўлення). З 2005 г. – дацэнт кафедры тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2009-2013 гг. загадчык кафедры тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання факультэта падрыхтоўкі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. За шматгадовую і бездакорную службу ўзнагароджаны 10 медалямі і 3 нагруднымі знакамі Міністэрства унутраных спраў. Аўтар болей за 130 навуковых публікацый, у тым ліку адной манаграфіі. Тэма яго навуковых прац - даследаванне гістарычнага попыту развіцця сістэмы дзяржаўнага кіравання і яго прымяненне ў сучаксных умовах.